Характарыстыка кампаратыўных фразеалагізмаў у слоўніку фразеалагізмаў Якуба Коласа

Тип работы:
Курсовая
Предмет:
Иностранные языки и языкознание


Узнать стоимость

Детальная информация о работе

Выдержка из работы

Змест

  • Уступ
  • 1. Кампаратыўныя фразеалагізмы ў мове твораў Якуба Коласа
  • 2. Адносіны ўстойлівых параўнанняў да фразеалагічных адзінак
  • 3. Семантычная класіфікацыя ўстойлівых параўнанняў мовы твораў Якуба Коласа
  • 3.1 Агульная семантычная класіфікацыя і характарыстыка кампаратыўных фразеалагізмаў пісьменніка
  • 3.2 Кампаратыўныя фразеалагізмы, якія характарызуць чалавека і яго якасці
  • 3.2.1 Кампаратыўныя фразеалагізмы, якія адлюстроўваюць псіхалагічны стан чалавека
  • 3.2.2 Кампаратыўныя фразеалагізмы, якія адлюстроўваюць рысы характару чалавека
  • 3.2.3 Кампаратыўныя фразеалагізмы, якія адлюстроўваюць паводзіны чалавека
  • 3.2.4 Кампаратыўныя фразеалагізмы, якія адлюстроўваюць знешні выгляд чалавека
  • 3.2.5 Кампаратыўныя фразеалагізмы, якія адлюстроўваюць фізічны стан чалавека
  • 3.2.6 Кампаратыўныя фразеалагізмы, якія адлюстроўваюць адначасова фізічны і псіхалагічны стан чалавека
  • 3.2.7 Кампаратыўныя фразеалагізмы, якія адзначаюць уздзеянне
  • 3.2.8 Кампаратыўныя фразеалагізмы, якія называюць адносіны
  • 3.2.9 Кампаратыўныя фразеалагізмы, якія называюць унутраныя якасці чалавека
  • 3.3 Кампаратыўныя фразеалагізмы, якія характарызуць прадметы і з’явы
  • 3.3.1 Кампаратыўныя фразеалагізмы, якія апісваюць знешнія якасці прадмета
  • 3.3.2 Кампаратыўныя фразеалагізмы, якія адлюстроўваюць фізічныя якасці прадмета
  • 3.3.2 Кампаратыўныя фразеалагізмы, якія адлюстроўваюць унутраныя якасці прадмета або з’явы
  • 3.4 Кампаратыўныя фразеалагізмы, якія могуць характарызаваць як прадмет, так і чалавека
  • 3.4.1 Кампаратыўныя фразеалагізмы, якія апісваюць знешнія якасці чалавека або прадмета
  • 3.4.2 Кампаратыўныя фразеалагізмы, якія выражаюць тыя адносіны, якія могуць быць выказаны і да чалавека, і да прадмета
  • 3.4.3 Кампаратыўныя фразеалагізмы, якія ўказваюць на фізічныя ўласцівасці чалавека або прадмета
  • 3.4.4 Кампаратыўныя фразеалагізмы, якія характарызуюць ўнутраныя якасці чалавека або прадмета
  • 3.5 Кампаратыўныя фразеалагізмы, якія характарызуюць дзеянне
  • 3.5.1 Кампаратыўныя фразеалагізмы, якія характарызуюць дзеянне паводле інтэнсіўнасці яго працякання
  • 3.5.2 Кампаратыўныя фразеалагізмы, якія выражаюць спосаб працякання, ажыццяўлення дзеяння
  • 3.5.3 Кампаратыўныя фразеалагізмы, якія характарызуюць дзеянне паводле меры і ступені яго праяўлення
  • 3.5.4 Кампаратыўныя фразеалагізмы, якія называюць вынік пэўнага дзеяння
  • 3.6 Кампаратыўныя фразеалагізмы, якія характарызуюць прастору
  • 3.7 Кампаратыўныя фразеалагізмы, якія называюць колькасць
  • Заключэнне
  • Літаратура

Уступ

Акрамя камунікатыўнай функцыі, мова выконвае таксама і функцыю назапашвання і захоўвання культурнай інфармацыі аб умовах жыцця народа-носьбіта дадзенай мовы. Адметнасці побыту і звычаяў беларускага народа, яго светапогляду, гісторыі і культуры, прыроды Беларусі і іншая інфармацыя краязнаўчага характару адлюстравана ў нацыянальна-культурнай семантыцы намінацыйных адзінак беларускай мовы. У фразеалагічным фондзе беларускай мовы шырока адлюстраваны краязнаўчыя рэаліі, якія натуральна ўспрымаюцца носьбітамі мовы, але патрабуюць тлумачэння. Шматлікія прыклады сведчаць пра цесную сувязь фразеалагізмаў з нацыянальнай псіхалогіяй, гісторыяй і культурай [1, с. 123].

Фразеалогія здаўна з’яўлялася яркім прыкладам вострага жывога розуму народа і моцным сродкам узбагачэння вобразнасці, мастацкасці і багацця мовы. Шматлікія фразеалагізмы настолькі глыбока ўпляліся ў палатно мовы, што на сінхронным зрэзе немагчыма растлумачыць сэнс некаторых кампанентаў (біць бібікі `ленавацца') або суаднесенасць семантыкі кампанентаў з агульным значэннем фразеалагічнай адзінкі (замарыць чарвячка `паесці').

Асобны пласт фразеалагізмаў складаюць кампаратыўныя фразеалагізмы, г. зн. параўнанні, якія з цягам часу набылі статус устойлівых фразеалагічных адзінак. Нас цікавяць дадзеныя адзінкі, бо яны сінтэзуюць уласцівасці фразеалагізмаў і параўнанняў. Вядома, што параўнанне як працэс мыслення адыгрывае важную ролю ў пачуццёвым асэнсаванні акаляючага свету. Яно з’яўляецца адным з асноўных прыёмаў успрымання знешняга свету і духоўных каштоўнасцей [2, с. 567]. У аспекце лагічным параўнанне з’яўляецца вынікам развіцця абстрактнага мыслення людзей, а ў аспекце лінгвістычным — адлюстраваннем гэтага мыслення ў мове [3, с. 203].

Параўнанне з’яўляецца адным са спосабаў характарыстыкі прадметаў і з’яў рэчаіснасці і як стылістычны прыём, заснаваны на вобразнай трансфармацыі граматычна аформленага супастаўлення, шырока выкарыстоўваецца ў мастацкай літаратуры для больш яркага, выразнага і вобразнага выказвання.

Індывідуальнасць мастака слова выяўляецца праз багацце яго слоўніка, шырокае выкарыстанне мастацкіх сродкаў вобразнасці. Адметнасцю ндывідуальна-аўтарскага мастацкага стылю Якуба Коласа з’яўляецца выключна багатае і разнастайнае выкарыстанне фразеалагічнага фонду беларускай мовы, высокая насычанасць твораў фразеалагізмамі [4, с. 39]. Такім чынам адзін з найяскравейшых пісьменнікаў нашай краіны робіць мову сваіх твораў яркай, вострай, вобразнай, сакавітай і вельмі блізкай да народнай. Мастак падкрэслівае сваю сувязь з людзьмі, для якіх ён пісаў, блізкасць да іх, і гэта не дзіўна, бо Колас — выхадзец з народа. Так, як сведчыць «Слоўнік фразеалагізмаў мовы твораў Я. Коласа», у ім зафіксавана больш за 6000 слоўнікавых артыкулаў [5].

Аналіз параўнанняў, у тым ліку і кампаратыўных фразеалагізмаў, у мове пісьменніка дазваляе выявіць адметнасць гэтага мастацкага прыёму ў сістэме вобразных сродкаў і разам з тым даць уяўленне аб індывідуальнасці стылю мастака і яго светаўспрыманні, светабачанні, паколькі параўнанне з’яўляецца носьбітам інфармацыі, з аднаго боку, аб адметнасці паэтычнай працы, а з другога — аб уяўленнях пісьменніка пра свет, аб канкрэтна-пачуццёвым адлюстраванні ім рэчаіснасці пэўнага часу.

Розныя параўнанні закліканы ў пісьменніка ствараць вобразы, выклікаць нечаканыя асацыяцыі, нетыповае ўяўленне. Паводле семантыкі параўнанні адлюстроўваюць жыццё селяніна канца Х1Х — пачатку ХХ ст., а таму з’яўляецца люстрам яго светабачання, заснаванага на канкрэтна рэчавых асацыяцыях [6, с. 115].

Мэта курсавой работы — даць характарыстыку кампаратыўных фразеалагізмаў у слоўніку фразеалагізмаў Якуба Коласа.

Для выканання пастаўленай мэты неабходна было вырашыць наступныя задачы:

1) выявіць кампаратыўныя фразеалагізмы ў складзе слоўніка фразеалагізмаў Якуба Коласа;

2) вызначыць спецыфіку кампаратыўных фразеалагізмаў;

3) зрабіць семантычную класіфікацыю кампаратыўных фразеалагізмаў.

Крыніцай збору кампаратыўных фразеалагізмаў паслужыў «Слоўнік фразеалагізмаў мовы твораў Я. Коласа» [5].

якуб колас семантычная класіфікацыя

1. Кампаратыўныя фразеалагізмы ў мове твораў Якуба Коласа

Кампаратыўнымі фразеалагізмамі (устойлівымі параўнаннямі) мы называем устойлівыя і ўзнаўляльныя спалучэнні слоў, фразеалагічная спецыфіка якіх заснавана на традыцыйным параўнанні. Называючы параўнанні ўстойлівымі, мы маем на ўвазе перш за ўсё ўстойлівасць лагічных элементаў параўнання, якая ў іх выяўляецца, г. зн. той факт, што кампарант тут заўсёды аказваецца звязаным са строга вызначанай падставай, роўна як і з кампаратам. Функцыя другога кампанента — узмацняльная, а першы кампанент звычайна ўжываецца ў сваім літаральным значэнні [3, с. 203].

Устойлівыя параўнальныя адзінкі стаяць асобна ў складзе фразеалагізмаў любой мовы. Яны маюць розную ўдзельную вагу ў гэтых мовах, але адносяцца да найбольш ужывальных устойлівых словазлучэнняў [3, с. 203].

Устойлівыя параўнанні складаюць даволі значную групу паводле колькасці фразеалагічных багаццяў беларускай мовы, пра што можа сведчыць толькі іх ужыванне ў мове твораў класіка беларускай літаратуры Якуба Коласа: усяго кампаратыўных фразеалагізмаў ў мове яго твораў зафіксавана 785 адзінак.

Разам з тым устойлівыя параўнанні складаюць даволі адметную групу фразеалагізмаў. Іх адметнасць заключаецца ва ўзаемасувязі двух паказчыкаў: з аднаго боку, паводле формы яны не страчваюць прыкмет параўнанняў (у большай ці меншай ступені, але заўсёды па форме вычляняюцца як параўнальныя звароты), а з другога, паводле значэння набываюць прыкметы фразеалагічных адзінак, папаўняючы ў выніку гэтага фразеалагічныя рэсурсы беларускай мовы.

Цікавасць да ўстойлівых параўнанняў узрастае яшчэ і з прычыны таго, што яны не толькі выражаюць абагульненне праз моўныя адзінкі, але яшчэ замацоўваюць абагульненні як своеасаблівыя эталоны, вобразы-эталоны.

Даследаванне кампаратыўных фразеалагізмаў беларускага мастака слова скіравана на аб’яднанне структурна-семантычнага аналізу гэтых адзінак з канцэптуальным аналізам, які рэпрэзентуе антрапалагічную парадыгму лінгвістыкі, паколькі ўстойлівыя параўнанні характарызуюцца антрапацэнтрычнасцю, што дае падставу для змяшчэння інтарэсаў даследавання з аб’екта пазнання на суб’ект пазнання як прадукт культуры.

Устойлівыя параўнанні з’яўляюцца прадметам даследавання такіх лінгвістычных дысцыплін, як фразеалогія і лексікалогія, сінтаксіс, стылістыка мастацкага маўлення, псіхалінгвістыка, кагнітыўная лінгвістыка, лінгвакультуралогія. Таксама ўстойлівыя параўнанні даследуюцца і літаратураведамі, бо параўнанне ўяўляе сабой адзін з відаў тропаў, побач з метафарай, метаніміяй, сінекдахай і інш.

Некалькаваныя ўстойлівыя параўнанні ўзыходзяць да аказіянальных (індывідуальна-аўтарскім) параўнанняў. Апошнія ўзнікаюць у выніку свабоднага і творчага пошуку гаворачымі сродкаў дакладнага і яркага выражэння сваёй думкі. Устойлівыя параўнанні, г. зн. узуальныя параўнальныя звароты, з’яўляюцца ўзнаўляльнымі адзінкамі і належаць да лексіка-фразеалагічных сродкаў мовы, у адрозненне ад індывідуальна-аўтарскіх параўнанняў, якія належаць маўленню [7, с. 5].

Такім чынам, кампаратыўныя фразеалагізмы — гэта ўстойлівыя, узнаўляльныя моўныя адзінкі, якія, тым не менш, больш свабодныя, у адрозненне ад уласна-фразеалагізмаў, у сваіх сэнсавых і сінтаксічных адносінах.

2. Адносіны ўстойлівых параўнанняў да фразеалагічных адзінак

Неабходна разгледзець пытанне адносін устойлівага параўнання да іншых устойлівых структур, перш за ўсё да фразеалагізмаў.

У якасці асноўнай прыкметы ўстойлівага параўнання часцей за ўсё разглядаецца ўзнаўляльнасць яго як гатовай цэласнай адзінкі. «Якасцю узнаўляльнасці тлумачацца, — як лічыць М.М. Шанскі, — усе астатнія прыкметы, аднолькава ўласцівыя словам і фразеалагічным зваротам, перш за ўсё ўстойлівасць у складзе і структуры і цэласнасць значэння» [8, с. 28].

На думку В. М. Агольцава, кампаратыўная канструкцыя можа выступаць як узнаўляльная пры адной умове — абагульненні дэнатата, г. зн. пры абагульненні выражанай прыкметы прадмета [9, с. 48].

Іншыя даследчыкі імкнуцца абазначыць сутнасць паняцця ўстойлівасці незалежна ад узнаўляльнасці. Так, М. М. Капыленка лічыць, што пад устойлівасцю трэба разумець меру абмежавання спалучальнасці лексем, прычым прыкметай абмежавальнай спалучальнасці з’яўляецца прадказальнасць [10, с. 56].

Аднак мера абмежаванасці спалучальнасці - адносная катэгорыя. З яе дапамогай можна ўсталяваць адносную меру ўстойлівасці словазлучэння, але нельга вылучыць станоўчыя разрады ўстойлівых і няўстойлівых словазлучэнняў, паказаць межы паміж імі. Прыкмета прадказальнасці тут наўрад ці дапамагае справе, бо яна з’яўляецца ўсяго толькі адным са спосабаў азначэння ўсё той жа меры абмежавання спалучальнасці лексем, г. зн. адноснай устойлівасці, якая ўласціва любому словазлучэнню, бо любая лексема характарызуецца ў рэшце рэшт абмежавальнай спалучальнасцю з іншымі лексемамі.

Семантычная прыкмета лічыцца большасцю даследчыкаў самай асноўнай, галоўнай і вызначальнай прыкметай фразеалагічна звязаных словазлучэнняў. Прычым семантычная прыкмета разумееццца як цэласнасць сэнсу і цэласнасць намінацыі, г. зн. семантычная непадзельнасць спалучэння.

Такім чынам, на аснове розных падыходаў да азначэння ўстойлівасці, можна вызначыць наступныя пазіцыі:

1) пазіцыя лексічнай спалучальнасці слоў;

2) пазіцыя семантычнай цэласнасці, непадзельнасці словазлучэнняў.

Гэта значыць, розныя і ў пэўным сэнсе супрацьлеглыя крытэрыі выкарыстоўваюцца для вылучэння нейкага адзінага паняцця ўстойлівасці [9, с. 52−54].

Кампаратыўныя фразеалагізмы — гэта семантычнае пераўтварэнне не спалучэння паўназначных слоў, а спалучэння знамянальнага слова з незнамянальным — параўнальным злучнікам, у асноўным. У выніку семантычных змен у спалучэнні знамянальнае слова, губляючы папярэднюю намінатыўную функцыю, не атрымлівае новай, яно выступае толькі ў паняційнай функцыі і ў спалучэнні са злучнікам служыць сродкам выражэння ўяўлення аб індывідуальнай прыкмеце прадмета.

У цэлым устойлівыя параўнанні ўяўляюць сабой больш рухомую сістэму ўстойлівых адзінак, чым фразеалагізмы, яны больш гнуткія ў дачыненні гістарычных падзей. Устойлівыя параўнанні ўяўляюць сабой тую першую стадыю, у якой фарміруюцца метафарычныя фразеалагізмы, якія складаюць ядро фразеалогіі.

Такім чынам, разрад кампаратыўных устойлівых спалучэнняў і разрад устойлівых пераносна-вобразных словазлучэнняў (фразеалагізмаў) з-за блізкасці іх значэнняў характарызуюцца інтэнсіўным ўзаемадзеяннем, якое праяўляецца ў працэсе фразеалагізацыі ўстойлівых параўнанняў [9, с. 60].

3. Семантычная класіфікацыя ўстойлівых параўнанняў мовы твораў Якуба Коласа

3.1 Агульная семантычная класіфікацыя і характарыстыка кампаратыўных фразеалагізмаў пісьменніка

Устойлівыя параўнанні займаюць асобнае месца ў фразеалагічным фондзе мовы і ўяўляюць сабой асобны клас фразеалагічных зваротаў [7, с. 2].

Сярод агульнай колькасці фразеалагічных адзінак, змешчаных у «Слоўніку фразеалагізмаў мовы твораў Я. Коласа», неабходна вылучыць кампаратыўныя, якія ўяўляюць асобны пласт у мове творчасці пісьменніка.

Праведзены аналіз усёй сукупнасці прадстаўленых у мове пісьменніка ўстойлівых параўнанняў дазваляе нам правесці наступную іх класіфікацыю паводле семантычнага значэння, якая адлюстравана на малюнку 1:

/

Малюнак 1 — Семантычная класіфікацыя кампаратыўных фразеалагізмаў

Усяго, у суаднесенасці з прадстаўленай класіфікацыяй, намі могуць быць прапанаваны шэсць абагуленых груп фразеалагізмаў, выкарыстаных у мове твораў Я. Коласа. Гэта:

1) кампаратыўныя фразеалагізмы, якія характарызуць чалавека і яго якасці;

2) кампаратыўныя фразеалагізмы, якія характарызуць прадметы, з’явы;

3) кампаратыўныя фразеалагізмы, якія аднолькава могуць характарызаваць як чалавека, так і прадметы;

4) кампаратыўныя фразеалагізмы, якія характарызуць дзеянне, яго прыкметы і ўласцівасці;

5) кампаратыўныя фразеалагізмы, якія характарызуць прастору, яе якасці і змяненні;

6) кампаратыўныя фразеалагізмы, якія характарызуць колькасны стан з’яў і прадметаў.

Разгледзім кожную групу паасобку.

3.2 Кампаратыўныя фразеалагізмы, якія характарызуць чалавека і яго якасці

Устойлівыя параўнанні, якія характарызуць чалавека і яго якасці, з’яўляюцца адной з найбольшых груп па колькасці ўваходзячых у яе адзінак. У сваю чаргу, гэтая група фразеалагізмаў уключае ў сябе дзевяць падгруп, кожная з якіх больш паглыблена і мэтанакіравана характарызуе тыя ці іншыя якасці чалавека па наступных паказчыках:

1) кампаратыўныя фразеалагізмы, накіраваныя на характарыстыку знешняга выгляду чалавека;

2) кампаратыўныя фразеалагізмы, якія адлюстроўваюць псіхалагічны стан чалавека;

3) кампаратыўныя фразеалагізмы, якія характарызуюць фізічны стан чалавека;

4) кампаратыўныя фразеалагізмы, якія адначасова характарызуюць псіхалагічны і фізічны стан чалавека;

5) кампаратыўныя фразеалагізмы, накіраваныя на характарыстыку паводзін чалавека;

6) кампаратыўныя фразеалагізмы, якія характарызуюць унутраныя якасці чалавека;

7) кампаратыўныя фразеалагізмы, якія ўказваюць на матэрыяльнае становішча чалавека;

8) кампаратыўныя фразеалагізмы, якія характарызуюць уздзеянне па двух паказчыках:

— фізічнае ўздзеянне,

— псіхалагічнае ўздзеянне;

9) кампаратыўныя фразеалагізмы, якія характарызуюць адносіны паміж людзьмі;

10) кампаратыўныя фразеалагізмы, якія адлюстроўваюць рысы характару чалавека.

Схематычна распрацаваную намі семантычную класіфікацыю кампаратыўных фразеалагізмаў, якія характарызуюць чалавека, можна прадставіць на малюнку 2:

/

Малюнак 2 — Семантычная класіфікацыя кампаратыўных фразеалагізмаў, якія характарызуюць чалавека

Кожная з падгруп мае свае асаблівасці, вызначаныя ў ходзе даследавання.

Разгледзім кожную з вызначанных падгруп.

3.2.1 Кампаратыўныя фразеалагізмы, якія адлюстроўваюць псіхалагічны стан чалавека

Дадзеная група займае найбольшую ўдзельную вагу ў агульнай колькасці даследаваных у ходзе напісання курсавой работы ўстойлівых параўнанняў мовы твораў Якуба Коласа.

З гістарычнага пункту гледжання чалавек заўсёды адрозніваўся непадробнай цікавасцю да сабе падобных. Асабліва да таго, што адбывалася ў яго душы, аб чым ён думаў, аб чым марыў. З года ў год гэтыя думкі, мары збіраліся і атрымлівалі выгляд знаёмых нам фразеалагізмаў, якія сёння дазваляюць нам рабіць дасканалыя вывады аб тым, якімі былі нашы продкі раней. Праз гэтыя ўстойлівыя параўнанні мы бачым унутраны свет, ментальнасць беларускага чалавека, назапашаныя за доўгія гады існавання беларускага народа.

Да ліку такіх устойлівых параўнанняў можна ў якасці прыкладаў аднесці: як варам апарыла `нехта раптоўна адчуў разгубленасць, няёмкасць, збянтэжанасць, хваляванне'; як бы гара с плячэй скацілася `збавіўся хто-небудзь ад вялікіх клопатаў, цяжкіх душэўных перажыванняў'; як бы гром прышыб `пра ўзрушаннага, уражанага чалавека'; як бы ў грудзях апала `пра раптоўнае адчуванне трывогі, неспакою'; глянуць зверам `раззлавацца, прыйсці ў стан злоснага раздражэння'; як бы на сабе зямлю насіць — `выклікаць сваім выглядам цяжкае пачуццё, быць сумным, змрочным'; як на іголках (сядзець) `у стане нервовага ўзбуджэння, хвалявання'; легчы каменем `супакоіцца, моцна заснуць'; як у каталажцы `пра адчуванне тугі, адзіноты, смутку'; як кіпень у гаршку (хадзіць) `вельмі ўзбуджана, знервавана, дрыжэць'; як у клетцы птушка `трапятліва, усхвалявана'; як кот з падсмаленым хвастом (бегаць) `вельмі мітусліва, знервавана, хвалюючыся'; нібы мыла з’еўшы `вельмі незадаволены, моцна абняслаўлены, з убогім выглядам'; як мянёк на скаварадзе (варочацца, варушыцца, пакутаваць, адчуваць сябе і г. д.) `у стане крайняга хвалявання, неспакою'; як нежывая `пра стан моцнага перапуду каго-небудзь'; як велікодны пірог (памазаны яечным жаўтком) `весела і шчасліва выглядаць'; як бы ў рот хочуць улезці `з вялікім захапленнем, не дыхаючы'; як сыч (насупіцца) `панура, хмурна глядзець'; ценем злегчы на твар `адлюстравацца трывогай, хваляваннем на твары'.

3.2.2 Кампаратыўныя фразеалагізмы, якія адлюстроўваюць рысы характару чалавека

Устойлівыя параўнанні дадзенай падгрупы ўяўляюць сабой абазначэнне пэўных рысаў характару чалавека і выкарыстоўваюцца для таго, каб падкрэсліць тую ці іншую якасць асобы з найбольшай экспрэсіўнасцю: як Бог `горды, поўны ўласнай годнасці, павагі да сябе'; як бязрукі `бездапаможны, безініцыятыўны'; цішэй вады, ніжэй травы `баязлівы, сціплы, незаўважны'; як люты воўк сярод ваўкоў `жорсткі, бязлітасны'; як вясна `пяшчотны'; як той ідал `бясстрасны, абыякавы, халодны, раўнадушны'; нібы зорка тая `вельмі горды, поўны ўласнай годнасці'; халодны як рыба `стрыманы ў праяўленні пачуццяў, бясстрасны, раўнадушны'; як рыба тая ў сеці `несамастойны, пазбаўлены волі'; як скурат `жорсткі, грубы'; як сталь `упарты, настойлівы, цвёрды'; туз тузам `ганарлівы, фанабэрысты'; бы тое хітрае чарцянё `гарэзлівы, гуллівы, хітраваты'; як чорт (свмавіты) `едкі'; як ягнятка `пакрлівы'.

3.2.3 Кампаратыўныя фразеалагізмы, якія адлюстроўваюць паводзіны чалавека

Наступная па памеры падгупа кампаратыўных фразеалагізмаў алюстроўвае паводіны чалавека ў тых ці іншых абставінах. Наяўнасць вялікай колькасці ўстойлівых параўнанняў такога тыпу можна патлумачыць тым, што паводзіны чалавека з’яўляюцца прамым адлюстраваннем яго псіхалагічнага стану і рысаў яго характару. Такім чынам, дадзеная група цесна звязана семантычна з дзвюма папярэднімі.

Напрыклад: як карова маўчаць `не вымаўляць ні слова'; крукам стаяць `увесь час назіраць за кім-небудзь, за чым-небудзь'; як мяшок `няўклюдна, нязграбна, нехлямяжна паваліцца, асесці, асунуцца'; бы нейкая персона `важна, ганарліва, фанабэрыста'; бы тая свіння перціся `нахабна, бесцырымонна, бессаромна дзейнічаць'; як святоша `занадта ненатуральна, сціпла, ціха паводзіць сябе'; навязацца слатою `прыставаць, прыдзірацца да каго-небудзь'; як таўкач той у ступе `непаваротліва, нязграбна, няўклюдна таптацца'; як тля тая `цярпліва, пакорліва маўчаць'; трымаць хвост трубою `трымаць сябе самаўпэўнена, малайцавата, не сумаваць, нікога не баяцца'; як сам цар (сядзець, хадзіць) `велічна, паважна'; як той цюцька `бессаромна хлусіць'; як чалавек `нармальна, натуральна сябе паводзіць'; як у гасцях `стрымана, сціпла сябе паводзіць'; як прусак пад шпалерамі `без мэты хадзіць, снаваць туды-сюды'; як скулы `сцерагчыся з апаскай'; як у сцяну заляпіць `трапна, дарэчна сказаць што-небудзь'; як укопаны (стаяць) `нерухома, замёршы на месцы'; хадзіць козырам `трымацца малайцавата, зухавата, мець бравы выгляд'; як першы ў свеце кавалер `манерна'.

3.2.4 Кампаратыўныя фразеалагізмы, якія адлюстроўваюць знешні выгляд чалавека

Дастаткова вялікую па аб’ёме групу складаюць устойлівыя параўнанні, якія характарызуюць чалавека з боку яго знешніх якасцей, напрыклад: з вузел `вельмі малы, невысокі'; сівы, як голуб `зусім сівы, з валасамі, якія страцілі сваю афарбоўку'; як кадзь `поўны, тоўсты, укормлены, сыты'; як камінар `вельмі брудны'; як ясень `высокі, стройны'; як зачараваная кветка `вельмі прыгожая'; як лесавік кашлаты `аброслы, агрубелы, неахайна апрануты'; як паніч `зграбны, прыгожы'; хоць завярці ў паперку `пра каго-небудзь акуратнага, чыстага, прыгожага'; як прывід `які нагадвае вобраз, створаны ўяўленнем'; худы як рак `надта худы'; як той восеньскі ражок `расчырванелы, румяны'; як у свята `прыгожа, багата, шыкоўна ўбрацца'; сухі як скурат `вельмі худы, схуднелы, моцна пахудзелы'; як струп на плеху `непрывабны, непрыглядны, выродлівы'; як цапільна `вельмі высокі'; як цыганка `чорны, цёмнага колеру'.

3.2.5 Кампаратыўныя фразеалагізмы, якія адлюстроўваюць фізічны стан чалавека

Дадзеная група складаецца з ўстойлівых параўнанняў, якія адлюстроўваюць фізічны стан чалавека, напрыклад: як бы агнём апякло `нехта адчуў пякучы боль'; як дуб `пра здаровага, вялікай фізічнай сілы чалавека'; як калода `моцны, магутны'; як на кандыбах `храмаючы'; звіцца ў клубок `прыняць лежачы такое становішча, пры якім тулава сагнута, а ногі падабраны, падцягнуты да жывата'; як кот `вынослівы, цягавіты'; у кульбачку `са згорбленай спінай, празмерна нахіленай уніз галавой'; п’яны бы латак `моцна п’яны'; як лепш не трэба `вельмі добра, выдатна, выключна адчуваць сябе'; як мех (дыхаць, сапці) `цяжка, напружана, моцна'; як пабіты `дрэнна адчуваць сябе'; нібы праз павуціну `цьмяна, смутна бачыць'; як падаль `падобна трупу жывёліны, не падаючы адзнакаў жыцця'; як у пеклі `нязнана цяжка'; як палын (жывучы) `моцны, трывалы'; як пёс `вельмі няшчадна, бязлітасна пабіты'; як рыба, выкінутая на пясок `пазбаўлены энергіі, бадзёрасці; вялы'; як свіння `вельмі моцна напіцца'; як філін `асавела, атупела, санліва сядзець'; як фрыц пад Масквою `акалелы, моцна азяблы'; нібы збіты з чыгуну `вельмі моцны, здаровы'.

3.2.6 Кампаратыўныя фразеалагізмы, якія адлюстроўваюць адначасова фізічны і псіхалагічны стан чалавека

Нярэдка псіхалагічны стан чалавека ўплывае на яго фізічны стан, гэта можа выражацца, напрыклад, у міміцы твару або ў самаадчуванні чалавека: ззелянець, як зялёнка `змяніцца ў твары пад уплывам пачуцця гневу'; як палатно `пабляднелы, збялелы (ад страху, хвалявання) '; як немка `маўклівы, у каго адняло мову (з перапуду) '; як асінавы ліст `вельмі моцна (калаціцца ад страху, напружання) '; пачырванець як печаны рак `засаромецца, зніякавець'; зацвісці як ружа `запунсавець (ад радасці, задавальнення) '; як пад касою сенажаць `вельмі моцна, нервова (дрыжаць, трэсціся) '.

3.2.7 Кампаратыўныя фразеалагізмы, якія адзначаюць уздзеянне

Можна вылучыць кампаратыўныя фразеалагізмы, якія называюць уздзеянне, на наступныя падгрупы:

— псіхалагічнае ўздзеянне:

як бы вядро халоднай вады выліць `збянтэжыць, астудзіць чый-небудзь запал'; свяціць яснай зоркай `прыносіць уцеху, задавальненне і найвялікшую радасць каму-небудзь'; лісіцай упаўзці `пры дапамозе хітрасці і ліслівасці ўвайсці ў давер каму-небудзь'; як нажом рэзаць `аб вельмі рэзкім і непрыемным уздзеянні'; як нажом па печы `зрабіць вельмі непрыемнае ўражанне, выклікаць адмоўныя асацыяцыі ў каго-небудзь'; як аб сценку гарохам `не ўздзейнічае, не аказвае ніякага ўплыву на каго-небудзь'; як бомба `неспадзявана, непрадбачна, нечакана, імкліва'; як шылам кальнуць `балюча, глыбока ўсхваляваць, крануць каго-небудзь';

— фізічнае ўздзеянне:

сцерці ў парашок `знішчыць каго-небудзь, жорстка расправіцца з кім-небудзь'; у барані рог сагнуць `уціскам падпарадкаваць, зрабіць пакорлівым каго-небудзь'; нібы пугай сцебанулі `па чыей-небудзь камандзе, указанню, хутка, не марудзячы пачаць рабіць нешта'; пусціць свечкай да бога `падпаліць, спаліць'; як скула сесці `прыгнятаць, эксплуатаваць каго-небудзь'; як дармавога каня (папіхаць) `не шкадуючы эксплуатаваць, прымушаць працаваць'.

3.2.8 Кампаратыўныя фразеалагізмы, якія называюць адносіны

У дадзеную групу ўстойлівых параўнанняў уваходзяць тыя адзінкі, якія семантычна выражаюць адносіны адной асобы да другой, напрыклад: як на воўка (глядзець) `непрыхільна, непрыязна'; як той камень на мяжы `пра таго, да каго адносяцца непрыязна, з непавагай'; як капітан з салдатам (здароўкацца) `начальніцкім тонам размаўляць з кім-небудзь'; як мачыха (глядзець, паглядаць) `варожа, непрыязна'; за панібрата (быць) `як з роўным, па-просту'; як псу `са знявагай, агідай, нянавісцю'; як роднага (сустракаць) `шчыра, сардэчна'; як рой да грэчкі `пяшчотна, з замілаваннем льнуць да каго-небудзь'; як рыбка з вадою (жыць з кім-небудзь) `неразлучна, па-сяброўску, дружна'; як сёстры (сышліся) `вельмі блізка'; як сон `пра што-небудзь вельмі непрыемнае'; як сына (палюбіць) `сардэчна, вельмі моцна; нібы хмель віцца `заляцацца да каго-небудзь'.

3.2.9 Кампаратыўныя фразеалагізмы, якія называюць унутраныя якасці чалавека

Кампаратыўныя фразеалагізмы дадзенай падгрупы абазначаюць унутраныя якасці чалавека, напрыклад: як ступа `няўклюдны, непаваротлівы, нязграбны'; як промень сонца `які прыносіць радасць, добры настрой'; бы старэчым ты радзіўся `стала, разважліва, сур’ёзна, удумліва'; як сабачкі `адданыя, верныя'; цёмны як саган `зусім непісьменны, некультурны'; як юнак `рухавы'.

3.2. 10 Кампаратыўныя фразеалагізмы, якія ўказваюць на матэрыяльнае становішча чалавека

Неабходна адзначыць, што з дапамогай устойлівых параўнанняў падкрэсліваецца менавіта цяжкае матэрыяльнае становішча беларуса, прадстаўніка народа, напрыклад: як пацук `без грошай, бедны'; голы як сакол `дужа бедны, нічога не мае'; як скаціна (жыць) `па-жабрачаму, у галечы, у крайняй беднасці'; як у старца `пра вельмі беднага'.

3.3 Кампаратыўныя фразеалагізмы, якія характарызуць прадметы і з’явы

Кампаратыўныя фразеалагізмы выкарыстоўваюцца Якубам Коласам у мове яго твораў з мэтай больш дакладнай, вострай, трапнай характарыстыкі пэўных прадметаў ці з’яў. Падзел дадзенай групы на падгрупы адбываўся паводле наяўнасці агульных сем:

1) кампаратыўныя фразеалагізмы, якія апісваюць знешнія якасці прадмета;

2) кампаратыўныя фразеалагізмы, якія характарызуюць унутраныя якасці прадмета або з’явы;

3) кампаратыўныя фразеалагізмы, якія ўказваюць на фізічны стан прадметаў.

Схематычна распрацаваную намі семантычную класіфікацыю кампаратыўных фразеалагізмаў, якія характарызуюць прадметы і з’явы, можна прадставіць на малюнку 3:

/

Малюнак 3 — Семантычная класіфікацыя кампаратыўных фразеалагізмаў, якія характарызуюць прадмет, з’яву

Кожная з падгруп мае свае асаблівасці, вызначаныя у ходзе даследвання.

У далейшым разгледзім падрабязна кожную з вызначанных падгруп — дадзім іх апісанне і характарыстыку:

3.3.1 Кампаратыўныя фразеалагізмы, якія апісваюць знешнія якасці прадмета

Устойлівыя параўнанні, якія ўваходзяць у дадзеную падгрупу, характарызуюць знешні выгляд прадметаў па разнастайных паказчыках, напрыклад: голы як бубен `без расліннасці, зусім выбіты (пра луг, грунт, поплаў) '; ветрам шыта (хата) `пра струхнелую, старую будыніну, якая не засцерагае ад холаду'; як змяя `звілісты, са зваротамі, загібамі'; як кадуб `вялікі (пра чарку, келіх) '; як жывы `выразна, выпукла, рэльефна'; як белыя лебедзі `пра рух кучавых воблакаў на блакітным небе'; як люстэрка ззяць `ярка, прамяніста'; як пірог той на паліцы `пра месяц на чыстым ад воблакаў начным небе'; як плаха `вялікі па памерах'; як серабро `тое, што вельмі ярка, зіхатліва блішчыць'; гладкі як стол `роўны, бліскучы'; бы точаны `выносісіты, гонкі'; чэзлы як хмыз `рэдкі'; як ільняны цвет `прыгожы, які колерам і мяккасцю нагадвае валакно лёну'; як шкло `чысты, празрысты, гладкі'; як яечка `прыгожы, прыбраны, гладкі'.

3.3.2 Кампаратыўныя фразеалагізмы, якія адлюстроўваюць фізічныя якасці прадмета

Такія кампаратыўныя фразеалагізмы называюць фізічныя асаблівасці прадметаў, іх стан, уласцівасці, якасці, напрыклад: як камень `вельмі цвёрды'; збіцца ў лямец `зрабіцца шчыльным, тугім, грубым'; як наліты `спелы, сакавіты, ядраны'; як нітка `вельмі вузкі, тонкі'; як падушка `мягкі, пухкі'; раз’ехацца як рэзгіны `разваліцца'; як з трубы (дым) `густы'; як рэшата `на дзірках, не такі, як трэба'; як шклечка `нетрывалы, ненадзейны, хісткі'.

3.3.2 Кампаратыўныя фразеалагізмы, якія адлюстроўваюць унутраныя якасці прадмета або з’явы

Устойлівыя параўнанні гэтай групы семантычна ўказваюць на ўнутраныя якасці прадмета або з’явы, напрыклад: як хоць вушы затыкай `пра вельмі непрыемны на слых крык, шум і г. д. '; дубам дуб `пра надзвычай нізкія басовыя гукі музычнага інструмента'; як сон `пра што-небудзь незвычайнае, якое зачароўвае, захапляе'; як сцёрты мядзяк `пра нешта банальнае, што не ўяўляе ніякай цікавасці'; як ракета `вельмі ярка'; як рэчка срэбра `гучна, меладычна (пра гук, словы, голас) '.

3.4 Кампаратыўныя фразеалагізмы, якія могуць характарызаваць як прадмет, так і чалавека

Кампаратыўныя фразеалагізмы, якія ўваходзяць у дадзеную падгрупу, могуць даваць пэўную характарыстыку як чалавеку, так і прадмету, аб’ект параўнання можа быць любым. У межах дадзенай групы можна вылучыць наступныя падгрупы:

1) кампаратыўныя фразеалагізмы, якія апісваюць знешнія якасці чалавека або прадмета;

2) кампаратыўныя фразеалагізмы, якія характарызуюць унутраныя якасці чалавека або прадмета;

3) кампаратыўныя фразеалагізмы, якія ўказваюць на фізічны стан чалавека або прадметаў;

4) кампаратыўныя фразеалагізмы, якія характарызуюць адносіны, якія могуць быць выказаны як да чалавека, так і да прадмета.

Схематычна распрацаваную намі семантычную класіфікацыю кампаратыўных фразеалагізмаў, якія характарызуюць як чалавека, так і прадмет, можна прадставіць на малюнку 4:

/

Малюнак 4 — Семантычная класіфікацыя кампаратыўных фразеалагізмаў, якія характарызуюць прадмет, з’яву

Кожная з падгруп мае свае асаблівасці, вызначаныя у ходзе даследавання.

У далейшым разгледзім падрабязна кожную з вызначаных падгруп — дадзім іх апісанне і характарыстыку.

3.4.1 Кампаратыўныя фразеалагізмы, якія апісваюць знешнія якасці чалавека або прадмета

Знешні выгляд чалавека або прадмета выражаецца ў наступных кампаратыўных фразеалагізмах мовы твораў Якуба Коласа: як абраз `вельмі прыгожы'; як капар `вялікі, цяжкі'; бы крупінка `мізэрны'; як мак `прыгожы, пунсовы'; як моху касмык `кудлаты, злахмачаны'; як намаляваны `вельмі выразны, прыгожы'; як на падбор `аб кім-небудзь, чым-небудзь аднолькавым па выгляду, высокай якасці; як струнка `роўны'; як хмара `дужа вялікі'; зімою і летам усё адным цветам `без змен, аднолькавы, у адным і тым жа адзенні'.

3.4.2 Кампаратыўныя фразеалагізмы, якія выражаюць тыя адносіны, якія могуць быць выказаны і да чалавека, і да прадмета

Дадзеная падгрупа ўстойлівых параўнанняў семантычна выражае адносіны асобы да прадмета або чалавека, напрыклад: як божжа вока `уважліва, пільна, ласкава, клапатліва'; як у мосце дзірка (патрэбен) `пра каго-небудзь, што-небудзь зусім непатрэбнае'; як той конь дзьмухнуць `выказаць незадавальненне, чмыхнуць, фыркнуць'; як цецярук (глядзець) `прагна, з вялікай цікавасцю, нецярпліва'.

3.4.3 Кампаратыўныя фразеалагізмы, якія ўказваюць на фізічныя ўласцівасці чалавека або прадмета

Устойлівыя фразеалагізмы гэтай падгрупы называюць фізічныя ўласцівасці чалавека або прадмета, напрыклад: як пад лакам `гладкі; сыты, адкормлены'; як лёд `халодны'; як матылёк `лёгкі'; пайсці прахам `канчаткова разбурыцца, разваліцца, загінуць'; як пух `лёгкі, павольны'.

3.4.4 Кампаратыўныя фразеалагізмы, якія характарызуюць ўнутраныя якасці чалавека або прадмета

Гэта найменшая па аб’ёме падгрупа кампаратыўных фразеалагізмаў характарызуе ўнутраныя якасці чалавека або прадмета, напрыклад: маўклівы як камень `такі, які выражаецца без удзелу мовы'; ражном у горле стаяць `пра тое, што вельмі перашкаджае, надакучае, даймае каго-небудзь'; як стрэмка ў вока `пра непрыемнае, што вельмі перашкаджае, раздражняе сваёй прысутнасцю, наяўнасцю'.

3.5 Кампаратыўныя фразеалагізмы, якія характарызуюць дзеянне

Дадзеная група, даволі вялікая па аб’ёме, уключае ў сябе кампаратыўныя фразеалагізмы, якія характарызуюць дзеянне па тых ці іншых прыкметах. Большая частка ўстойлівых параўнанняў, якія ўваходзяць у гэтую групу, марфалагічна суадносіцца з прыслоўем, таму што, па сутнасці, абазначаюць прыкмету дзеяння па наступных паказчыках:

1) кампаратыўныя фразеалагізмы, якія характарызуюць дзеянне паводле інтэнсіўнаці па двух накірунках:

— хуткасць;

— павольнасць

2) кампаратыўныя фразеалагізмы, якія выражаюць спосаб дзеяння;

3) кампаратыўныя фразеалагізмы, якія характарызуюць дзеянне паводле меры і ступені яго праяўлення;

4) кампаратыўныя фразеалагізмы, якія называюць вынік пэўнага дзеяння.

Схематычна распрацаваную намі семантычную класіфікацыю кампаратыўных фразеалагізмаў, якія характарызуюць дзеянне, можна прадставіць на малюнку 5:

/

Малюнак 5 — Семантычная класіфікацыя кампаратыўных фразеалагізмаў, якія характарызуюць дзеянне

3.5.1 Кампаратыўныя фразеалагізмы, якія характарызуюць дзеянне паводле інтэнсіўнасці яго працякання

Устойлівыя параўнанні, якія характарызуюць дзеянне паводле інтэнсіўнасці складаюць вельмі вялікую па аб’ёме групу, якая ўключае ў сябе падгрупы:

— Кампаратыўныя фразеалагізмы, якія ўказваюць на хуткасць працякання дзеяння

Кампаратыўныя фразеалагізмы, якія характарызуюць дзеянне паводле хуткасці, сустракаюцца ў «Слоўніку фразеалагізмаў мовы твораў Я. Коласа» намнога часцей, чым тыя, якія характарызуюць дзеянне паводле павольнасці. Відаць, для беларуса вельмі важным было хуткае выкананне тых ці іншых спраў, што знайшло сваё адлюстраванне ў фразеалагічнай спадчыне нашых продкаў: як агонь `хутка, пякуча, маланкава'; як спуджаныя верабейчыкі `імкліва, вельмі хутка, рухава'; як на дражджах (расці) `вельмі хутка, надта добра'; як калодка `хутка, без затрымкі'; бы камень з гары `імкліва, імпэтна'; як малады неаб’езджаны конь (панесціся) `з вялікай хуткасцю'; як куля (шыбаваць, бегчы) `вельмі хутка, імкліва'; як ліс у норы `шпарка'; як лягавы `хутка, напярэймы'; як з машыны `інтэнсіўна, з вялікай хуткасцю'; як мышкі `хутка, жвава'; як на пажар (бегчы) `спешна, паспешліва, вельмі хутка, стрымгалоў'; як з перуна `хутка, імгненна'; як порах `імгненна, хутка, з вялікай сілай'; сыпаць словы як гарох `гаварыць шпарка, з вялікай хуткасцю'; як цыган па драбінах у неба `вельмі хутка'; як бы чарцяка той ад крыжа (пабегчы) `вельмі хутка, імкліва'.

— Кампаратыўныя фразеалагізмы, якія ўказваюць на павольнасць працякання дзеяння:

Бы ў калодках `паціху'; як бульбяное лісце перад заходам сонца (згортваецца) `марудна, млява'; як на агні маклакі `вельмі марудна, павольна'; як мурашкі `марудна, павольна'; як слон `павольна, марудна, непаваротліва'; як туман (паплысці) `павольна, марудна'; як тыя шляхты ў госці (ісці) `важна, павольна'; як божая кароўка `марудна, павольна рухацца'.

3.5.2 Кампаратыўныя фразеалагізмы, якія выражаюць спосаб працякання, ажыццяўлення дзеяння

Спосаб дзеяння адзначаецца ў наступных кампаратыўных фразеалагізмах мовы твораў Якуба Коласа: як панская карэта (рухацца) `пахістваючыся з боку на бок'; як у вуллі пчолы `бязладна, гулка'; як па загаду `дружна, разам'; як злыганы (плысці) `крок у крок'; як калёсы з-пад гармат `энергічна, з падскокам'; як перад калядамі (прыбіраць) `старанна, акуратна'; як качка (хадзіць) `пахістваючыся'; як той крумкач косці (збіраць) `старанна, акуратна, не прапускаючы нічога'; бы куль `нерухома стаяць'; як на модлы `злажыць далонь на далонь (як падчас малітвы) '; як мухі `хаатычна, бязладна'; як прусак да пячуркі (паўзці) `на карачках'; як пабіты сабака `ўпотайкі'; як сабака ад мух `усімі спосабамі, усяляк'; як след `належным чынам, па-сапраўднаму, колькі патрабуецца, як трэба'; як таракан (узняць вус) `тырчком'; як у пячуры таракан `абы-як, як папала'; як уюн `хітра, выгінаючыся'; як цені (круціцца, мітусіцца) `хаатычна, мімалётна'.

3.5.3 Кампаратыўныя фразеалагізмы, якія характарызуюць дзеянне паводле меры і ступені яго праяўлення

Гэту падгрупу складаюць устойлівыя параўнанні, якія абазначаюць меру або ступень дзеяння, напрыклад: як забіты (спаць) `вельмі моцна, без прасыпу'; як з вядра `надта вялікім патокам'; як калена (агаліць) `дагала, поўнасцю'; як кропля вады (падобна да каго-небудзь) `зусім, вельмі'; як ліпку абдзерці `поўнасцю, начыста'; як ліст на вярбе `ледзь-ледзь трымацца'; на мак раскрашыць `ушчэнт, поўнасцю, дарэшты'; як махнуша `надта, надзвычай, дужа'; як месяц праз туман (свяціць) `ледзь прыкметна, ледзь бачна'; як навальніца `ўжываецца, калі хочуць падкрэсліць вышэйшую ступень праяўлення якіх-небудзь падзей'; як свае пяць пальцаў (ведаць) `вельмі добра, грунтоўна'; як смерці (баяцца) `вельмі баяцца'; крохкі як шкло (мароз) `вельмі моцны'.

3.5.4 Кампаратыўныя фразеалагізмы, якія называюць вынік пэўнага дзеяння

Вынік дзеянняў выражаецца ў наступных кампаратыўных фразеалагізмах: як з тою свіннёю сталася `бясслаўна, з нікчэмным вынікам скончыцца'; як у ваду ўпаў `бясследна знік, прапаў нехта'; як голка ў кучы лому `бясследна прапасці, знікнуць'; як у дыме `немінуча, непазбежна; бясследна'; як апошняя іскарка на вугольчыку `не пакінуўшы пасля сябе ніякіх слядоў'; як па масле (прайшло) `вельмі добра, лёгка, без ніякіх цяжкасцей'; як парахня `на дробныя кавалкі рассыпацца'; як смецце `канчаткова, поўнасцю знішчыць'; як цукар у вадзе (растаць) `бясследна знікнуць, прапасці'; як у каменную сцену (упірацца) `безвынікова, бяссільна, без разліку на поспех'; пшыкнуць, як нагрэты да чырвані цвічок у халоднай вадзе `нічога не атрымаць'.

ПоказатьСвернуть
Заполнить форму текущей работой